X

Trye Beer выпускае гатунак па матывах самаходскага піва

29.11.2018 08:34

Trye Beer сумесна з хатнім піваварам Васілём Прымакам выпускае піва «Вясковае: Рагінь». Яно зварана па матывах рэцэптаў самаходаў — перасяленцаў, якія выяжджалі з Беларусі ў заходнюю Сібір напрыканцы XIX-пачатку XX стагоддзяў.

У далёкія краі беларусы з’яжджалі ў пошуках лепшае долі. Але нават ў некалькіх тысячах кіламетраў ад радзімы яны захавалі тое, што лучыць іх з Беларуссю: гутарку, песні, некаторыя абрады, а таксама майстэрства рабіць піва.

— То піва, якое называецца самаходскім, тэарэтычна раней існавала на тэрыторыі ўсходняй часткі сучаснай Беларусі — на Магілёўшчыне і Гомельшчыне. Цяпер у тых мясцінах, адкуль выяжджалі самаходы, людзі не ведаюць, што такое піва там рабілася, — кажа Васіль Прымака.

Пра жыццё сучасных самаходаў, у тым ліку пра гатаванне піва, два гады таму выйшаў дакументальны фільм. Але, каб больш даведацца пра тэхналогію і рэцэптуру, Васіль нават шукаў кантакты самаходаў праз сацыяльныя сеткі.

— Пару месяцаў таму нашчадкі самаходаў прыяжджалі ў Беларусь, у тыя вёскі, адкуль яны паходзяць — самая вялікая з якіх Рагінь. Яны распавядалі, што, каб захоўваць нацыянальную самасвядомасць, яны не сяліліся з так званымі «старажыламі» — тымі, хто здаўна жыў у Цюменскай і Омскай абласцях. Яны жылі анклавамі, захоўвалі мову і традыцыі. Тыя бабулі, якія там яшчэ жывуць, дагэтуль размаўляюць на трасянцы. А піваварэнне было маркерам, які адрозніваў іх ад мясцовых, — распавядае Васіль.

Пэўнай асаблівасцю самаходскага піваварста было тое, што піва рабілася заўсёды, а не толькі на святы і вяселлі.

— Калі рабілі нейкія сумесныя справы — бульбу капалі ці талокі ладзілі — адмыслова варылі піва. Можна нават параўнаць гэта з бельгійскімі традыцыямі: там варылі сэзоны і потым спажывалі разам на сельскагаспадарчых працах, — смяецца Васіль.

Тэхналогія вытворчасці таксама была адмысловай. Можна сказаць, што піва рабілася з канцэнтрату: самаходы варылі яго не з соладу, а з саладушак.

— Гэта такія каржы ці печыва з жытнёвай мукі. Іх па-рознаму рабілі. Я сутыкаўся з тым, што нават у межах адной вёскі ў розных гаспадынь былі розныя падыходы: хтосці запарваў жытнёвую муку на трое сутак, а іншыя адразу запякалі. Рабіліся яны пра запас: стаялі мяхі з гэтымі саладушкамі, а калі прыходзіў час, іх даставалі і варылі піва, — тлумачыць Васіль.

Тэхналагічны працэс быў даволі простым: у печы ў чыгунку кіпяцілася вада, потым у яго закідвалі саладушкі — на 10-літровы чыгунок сыходзіла 5–6 саладушак па 30–40 грам (некаторыя кідалі нават адну саладушку на літр), — дадавалі хмель і ставілі у «лёгкую печ» (пры тэмпературы ад 50 да 70 градусаў).

— Звычайна рабілі піва пасля таго, як ужо прыгатавалі есці: вынялі ўсё і ставілі піва ў печ. Нехта рабіў гэта ўдзень, а ўвечары даставаў, іншыя ўвечары ставілі і зраніцы вымалі. Такое тамленне звычайна цягнулася гадзін 12. Варкі як такой не было — гэта можна назваць «сырым элем», — дадае Васіль.

Падобным чынам півавары вырашылі зрабіць піва і на Trye Beer. Нават адмыслова напяклі саладушак.

— Адзіная праблема пры так званым no boil працэсе — гэта ДМС. Але мы выкарыстоўваем спантаннае браджэньне, таму профіль дзікіх дрожджаў дасць больш арамату, чым магчымае з’яўленне ДМС. Фактычна атрымаецца ахмелены моцны квас, — кажа півавар Trye Beer Андрэй Мароз. — Мы выкарыстоўваем 30% жытнёвага соладу, а таксама саладушкі. Мы зробім сімуляцыю печы: пару гадзін солад будзе зацірацца, потым яго адфільтруем, цёплае сусла нагрэем да 90 градусаў і пакінем на суткі. За гэты час яно ахалодзіцца, там заселіцца, што трэба, і перакачаем усё ў танк.

Апроч сапраўдных саладушак з драблёнага жыта, у сваю варыяцыю самаходскага піва Андрэй і Васіль дадалі дзікі лясны хмель.

— Жывеш і не звяртаеш увагі, колькі хмелю расце пры дарозе, напрыклад. Я сам назьбіраў хмель у лесе, высушыў, а цяпер мы выкарыстоўваем яго ў піве, — распавядае Васіль.

Сучасныя самаходы ўжо робяць піва па спрошчаным рэцэпце — выкарыстоўваюць звычайную муку і хлебныя дрожджы. Наколькі падобным да аўтэнтычнага піва атрымаецца «Вясковае: Рагінь», можна будзе даведацца ўжо ў суботу на прэзентацыі гатунку ў BeerCap Barshop. Пачатак у 17:00. Надалей бровар Trye Beer плануе працягнуць варкі піва па рэцэптах іншых рэгіёнаў.