X

Lidbeer 2017: самы беларускі фэст года

11.09.2017 15:51

У Ліды зноў атрымалася як след: расслаблена, шматлюдна, пазітыўна. Другі год запар пашчасціла з надвор’ем — пасля панурага дзесяціградуснага тыдня нават не верылася, што восень яшчэ дазволіць раздзецца да майкі і паваляцца на траве. Усё астатняе, акрамя сонца, лідчане падрыхтавалі самастойна.

Амаль усе значныя памылкі мінулых гадоў не кранулі новы Lidbeer. На канцэртную пляцоўку мудра дадалі асобны фудкорт і рад туалетаў, зусім знік афіцыёз (Аўдрыюс Мікшыс адкрываў фестываль з лесвіцы ля сцяны замка, без пафасных прамоў і з келіхам піва). Аднолькавы кошт на ўсё піва (2,5 рублі за паўлітра — а значыць, круглыя 5 за пару), зручныя картонныя пераноскі на чатыры пластыкавыя шклянкі, дадатковыя «хуткія» краны — малыя чэргі, як і вялікія поспехі, складаюцца з дэталяў. Зусім без чэргаў, кажуць, не абышлося — але ў мяне за цэлы дзень так і не атрымалася прастаяць за півам больш за тры хвіліны. І нават коркі на выездзе з горада сталі меншымі — гэтым разам лідскія ўлады перакрылі больш гарадской прасторы, і аўтамабілям не прыйшлося гадзінамі чакаць магчымасці выехаць з паркоўкі.

З іншага боку, засталося ўсё лепшае, за што Lidbeer палюбіўся наведнікам. Агромністая пешаходная зона, вольныя зялёныя зоны ля замкавай сцяны, няхітрыя, але зручныя драўляныя паддоны ў якасці сядзенняў і сталоў, вялізныя рамесныя рады, дэмакратычныя кошты, смачная ежа і мноства актыўнасцяў: квэсты, аніматары, верталётныя і лодачныя пакатушкі, экскурсіі на завод, сцэны з маладымі рок-гуртамі і эстрадным аркестрам, рыцарскі турнір і фаершоў, дзіцячыя пляцоўкі і лазертаг, атракцыёны і сапраўдны цырк, а для аматараў — нават дыскатэка 90-х непасрэдна ў замку. І, канешне, канцэрт. Лайн-ап вялікай сцэны — яшчэ адзін поспех Lidbeer; такога ладнага складу гуртоў Мінск не змог арганізаваць і на свой 950-гадовы юбілей. Крыху крыўдна, што беларускія «Петля Пристрастия» і «Крамбамбуля» — не галоўныя хэдлайнеры беларускага фестывалю, а толькі разагрэў для музыкаў з Расіі і Украіны, але інтарэс публікі ясна дэманструе: такі парадак выступаў цалкам лагічны.

«Океан Ельзи» скончыў шоў амаль на паўтары гадзіны пазней — не толькі з-за таго, што тэхнічныя праблемы затрымалі пачатак, але і з-за ўзаемнай любові з публікай. Пад сцэнай было горача і цеснавата: квіткі сталі платнымі, але гэта не зменшыла наплыў гледачоў. Зрэшты, арганізатары канцэрта не паскнарнічалі і ўсталявалі на пляцоўцы вялізныя экраны, таму шоў можна было назіраць і бясплатна, а гук было чутно і за кіламетр ад сцэны. На жаль, было чутно і вядучага — пэўна, для многіх наведнікаў фэста яго праца запомніцца як найгоршы момант свята.

Lidbeer дакладна стаў самым беларускім піўным фестывалем на Беларусі. Па-першае, за кошт поўнага пераходу на мову: усё, ад шыльдаў з указальнікамі і ўлёткаў з мапамі да цэннікаў на разлівайках, размаўляла з наведнікамі па-беларуску. Бонус — расклееныя па пляцоўцы налепкі для тых, хто толькі знаёміцца з мовай ці хоча ведаць яе лепш: «ліхтар», «лаўка», «лесвіца». Па-другое, за кошт абсалютнай адсутнасці пафасу. Усё гасцінна, па-свойску, усё прыемна, усё карысна. Народныя танцы пад дуду і баян у Лідзе надзвычай натуральна суіснуюць з гіганцкімі надзіманымі спанчбобамі, а нармальны (хацеў напісаць — еўрапейскі, але пры чым тут геаграфія?) рэлакс асіміляваўся з фірмовай беларускай чысцінёй, якую на фудкорце да самай ночы рупліва стваралі людзі ў знаёмай аранжавай форме. А яшчэ тут складана сустрэць людзей у форме шэрай і зялёнай: яны займаюцца сваёй працай на ўваходах на танцпляц, пад сцэнай і на перагароджаных выездах з цэнтра, і абсалютна не перашкаджаюць народу піць піва і святкаваць.

Ці магчыма такое свята ў Мінску? Наўрад ці. Не таму, што ў сталіцы няма замка, і нават не таму, што па-за межамі хакейных чэмпіянатаў гарадскія ўлады наўрад ці дазволяць распіваць піва на хоць якой з цэнтральных плошчаў. Ёсць падспуднае ўражанне, што ў Мінску не абыдзецца без снобства і варочання носам, без дарэмных абяцанняў «сусветнага маштабу», без указанняў, якія сцягі нельга расцягваць і якія словы можна крычаць. «Лідскае» арганізоўвае фестываль, на якім менш за ўсё хочацца думаць, як арганізаваны гэты фестываль — замест гэтага хочацца святкаваць, піць піва, адчуваць сябе беларусам і лавіць апошнюю восеньскую цеплыню. Каб вярнуцца з такога фэста з негатывам, гэты негатыў трэба доўга і старанна вышукваць сярод радасных усмешак і добрай музыкі; каб вярнуцца ў добрым настроі, дастаткова расслабіцца і адпачываць. Астатняе ўжо зроблена — «Лідскім» і сонцам.


Глядзіце вялікі фотарэпартаж з Lidbeer 2017.