Pivo.by пачынае новую рубрыку, у якой людзі, не звязаныя наўпрост з півам, разважаюць пра гэты напой і дзеляцца сваім досведам стасункаў з півам. Першы герой — музыка, удзельнік гурта «Стары Ольса» Алесь Чумакоў, які расказаў, чаму выпускае альбом ірландскіх карчомных песень, і падзяліўся асабістым вопытам крафтавай вытворчасці — стварэння гусляў.
— Альбом ірландскіх песень пра алкаголь, праспяваных па-беларуску — гучыць незвычайна. Адкуль ідэя?
— У канцы 90-х – пачатку 00-х я сур’ёзна займаўся аўтарскай песняй, і ў мяне з’явілася натуральная цікаўнасць: адкуль пайшла бардаўская песня, дзе яе вытокі? Так я даведаўся, што першыя барды былі ірландцамі. Пазнаёміўся з чароўнымі мелодыямі Турла О’Кэралана, вандроўнага сляпога арфіста XVIII стагоддзя, якога ў Ірландыі і дагэтуль усе вельмі паважаюць. Потым стаў слухаць розныя сучасныя гурты, якія граюць сучасную ірландскую музыку на старадаўні лад, на традыцыйных інструментах — так і панеслася.
Я пачаў перакладаць ірландскія песні на беларускую мову. Спачатку зацікавіўся песнямі пра гісторыю, пра герояў і паўстанні. З тых перакладаў складзены першы «ірландскі» альбом гурта Ceilidh Ceol, які выйшаў у 2013 годзе — «Сыны Старадаўняй Літвы».
А з часам я ўпэўніўся, што абысці алкагольную тэму ў ірландскіх песнях проста немагчыма. Традыцыйную ірландскую музыку ўва ўсім свеце ў першую чаргу звязваюць менавіта з Irish drinking songs, песнямі пра выпіўку. Усе ірландцы паважаюць алкаголь, усе любяць выпіць піва, віскі, грога ці чаго яшчэ, хаця піва ў іх песнях, канешне, пераважае. І таму, хоць музыкі ў гурце былі непітушчыя, у нас пакрыху склалася цэлая праграма з такіх песень пра алкаголь. З яе і атрымаўся новы дыск — «Праўда ў віне».
— А як самі ірландцы ставяцца да таго, што іх усе лічаць выпівохамі?
— Яны гэтым ганарацца! Кожную пятніцу ўся Ірландыя п’е, гэта факт. Гэта традыцыя — у пятніцу усе прыходзяць у паб на сваіх нагах, а адтуль многія выпаўзаюць. А кагосьці і ўвогуле выносяць!
— І пакуль ірландцы п’юць, яны спяваюць свае песні?
— Менавіта! У сучасных пабах, канешне, — дыскатэка, гучыць сучасная музыка. Але ёсць досыць месцаў, дзе адэпты традыцыйных інструментаў граюць на ірландскіх дудах, скрыпках, банджа, флейтах, віслах. Ёсць музычныя гарады, у якіх такія пабы ідуць проста адзін за адным.
У маіх сяброў-музыкаў, якія дапамагалі запісваць «Праўду ў віне», у прыватнасці, у выдатнай скрыпачкі Алісы Хармац, ёсць такая забава па жыцці: яны ездзяць у Ірландыю на свой вольны час, ходзяць па пабах з музычнымі інструментамі і сэйшэняць разам з традыцыйнымі ірландскімі музыкамі. Ніякіх папярэдніх дамоўленасцяў не трэба: бярэш з сабой інструмент, прыходзіш і граеш! Таму рэпертуар на гэтым дыску пабраны не з галавы: ён самы-самы актуальны, з першакрыніц.
— Ці шмат у ірландцаў агульнага з беларусамі?
— У нас проста процьма падабенстваў! Самае папулярнае, якое ўзгадваюць часцей за іншыя — тое, што ірландцы, як і беларусы, вельмі любяць бульбу. У Еўропе бульбашамі звычайна называюць менавіта ірландцаў. Яшчэ адно падабенства — у нашым гістарычным мінулым. І ў нас, і ў ірландцаў заўсёды быў моцны сусед з усходу з імперыялістычнымі поглядамі, і гэта шмат у чым паўплывала на нашы народы. Калі песні пра ірландскіх герояў і іх паўстанні асцярожна перакладаеш на беларускую мову, у іх адразу чытаюцца постаці паўстання Касцюшкі, нашых вызваленчых паўстанняў XIX стагоддзя.
А яшчэ і ў Ірландыі, і ў Беларусі алкаголь займае важнае месца ў жыцці. Калі некалькі гадоў таму Беларусь па афіцыйнай статыстыцы стала сусветным лідарам па колькасці спажытага алкаголю на душу насельніцтва, многія ірландцы нават зацікавіліся і даведаліся, дзе тая Беларусь знаходзіцца! Так што калі спяваеш ірландскія песні пра алкагольныя напоі па-беларуску, атрымліваецца абсалютна беларуская гісторыя. Дарэчы, сярод ірландскіх карчомных песень ёсць цэлы пласт пра барацьбу з п’янствам. Праўда, іх спяваюць так весела і па-заліхвацку, што нават не верыш, што ірландцы з тым п’янствам змагаюцца, а не наадварот, заклікаюць да яго.
Але ёсць у нас і вялікае адрозненне: шмат іх песень звязана з морам, бо многія ірландцы былі рэкрутамі ў брытанскім флоце. У нашай традыцыйнай культуры настолькі ж глыбокі пласт складаюць казацкія і жаўнерскія песні. Таму я падмяняю ірландскіх маракоў беларускімі рэкрутамі, і атрымліваюцца блізкія беларусу сюжэты.
— Але вернемся ад рэкрутаў да піва. Адна з песень на альбоме так і завецца: «Піва! Піва! Піва!» Раскажыце пра яе.
— Гэта пераклад найпапулярнешай песні, якая дакладна ўваходзіць у топ-3 Irish drinking songs — «Beer! Beer! Beer!» Яе прыпеў ведаюць ва ўсім англамоўным свеце, і ў любым пабе вам яго стоадсоткава падпяюць. Песня гэта прысвечаная асобе, якая нібыта вынайшла піва ў Ірландыі — Чарлі Мопсу. Але чалавек гэта настолькі міфічны, што яго ўжо ніхто і не памятае! Перакладаючы гэту песню на беларускія рэаліі, я вырашыў, што прыдумляць легендарных асобаў не варта. Таму спяваю яе ў гонар чалавека, які сапраўды шмат зрабіў для папулярызацыі піва на Беларусі, прынамсі ў Мінску — графа Караля Чапскага.
Трэба зазначыць, што ў ірландскай версіі таксама ёсць лакальныя адценні: у ёй пералічваюцца розныя пабы Дубліна, куды можна прыйсці і ў добрым традыцыйным асяроддзі выпіць піва з сябрамі і, канешне, пачуць традыцыйную ірландскую музыку. Назвы пабаў я вырашыў таксама замяніць на мінскі лад — узгадаць установы, дзе мы часцей за ўсё гралі ірландскую музыку цягам апошніх гадоў: Re:Public, «Графіці» і «Лісіную нару». Гэтыя «канцэртныя пабы» — самыя знакавыя месцы для гісторыі нашага гурта і гэтай «карчомнай» ірландскай праграмы, якую мы ў Мінску ўжо не аднойчы паказвалі. І, канешне, там заўжды можна выпіць піва!
Але ёсць у гэтай песні і яшчэ адна падкавырка: там спяваецца, што ў пералічаных месцах піва рэгулярна скончваецца! Часам, як толькі мы пачыналі спяваць сваю «карчомную» праграму і заклікалі людзей узняць куфлі, нам з залі крычалі: «А скончылася ўжо на бары! Па кубку ўзялі, а больш няма!»
— Яшчэ адна песня — «У карчомцы на ростанях» — прысвечаная портэру. Любіце гэты піўны стыль?
— Так, сапраўды, портэр сярод гатункаў піва я паважаю найбольш. Сама гэта песня вельмі спакойная, у тэмпе махання кубка з півам: «нас прыгажосцю ўлюбіла сваёй адна чорная вадкасць з белай пенай над ёй». Пры ўсёй павазе да класічнага светлага піва, я больш люблю цёмныя гатункі, бо ў іх бачу велічэзную прастору для эксперыментаў. Найбольш я ўражаны бельгійскімі гатункамі, добра стаўлюся да чэшскіх. Сярод піва нашых суседзяў вельмі падабаецца польскае за яго якасць, а таксама некаторыя латышскія гатункі. Прынамсі, сярод не-крафтавых бутэлечных магу вылучыць Aldaris Porteris.
— Ці шмат піва ўжывалі, пакуль запісвалі альбом?
— Я большасць часу быў за стырном, таму на студыі амаль нічога не ўжывалася. Нават на апошнім відэа, якое мы размясцілі на старонцы па збору сродкаў на выданне альбома, я трымаю кубак з гарбатай! Гукарэжысёр і ўладальнік студыі мне на два галасы казалі: «Слухай, давай ужо цягні на студыю сваё піва. Запісваеш ідэалагічна няправільна!»
Увогуле, гэты альбом запісваўся вельмі доўга і запатрабаваў шмат намаганняў і сродкаў. Зараз мы збіраем грошы толькі на яго выданне — пакрыць выдаткі на студыйныя працы я нават і не планаваў, а колькі гэты запіс каштаваў, я ўжо нават і не скажу. Гэты краўдфандынг я бачу як магчымасць спрычыніцца да праекта на фінальным этапе і атрымаць новы дыск па перадзамове. Спадзяюся, гэта праца будзе цікавая розным людзям — аматарам і музыкі, і напояў, і гісторыі.
— Вы не толькі граеце, але і самі робіце музычныя інструменты — гуслі. Чаму выбралі менавіта гэты інструмент?
— Таму што ён гучыць неверагодна прыгожа — ні з чым не параўнаць. У гусляў вельмі багатая механіка фарміравання гуку. У гітары, напрыклад, гук перадаецца на корпус адразу ж, як толькі ты кранаеш струны, і ідзе рэзкая, выбуховая атака. Гэта крута для рок-н-рола ці метала, але аранжыровачнай варыятыўнасці пры гэтым атрымліваецца няшмат.
У гуслях адсутнічаюць парожкі, падстаўкі, спружынкі-рыпы, струны аддаленыя ад корпуса і не кранаюцца дэкі, таму рэзкай атакі адразу пасля дотыку да струн няма. Акрамя таго, струны тут значна рознай даўжыні, і за кошт гэтага яны даюць розны набор абертаноў. Гэтыя абертаны хвалямі ад кожнай струны наслойваюцца адзін на адзін і даюць такі прыгожы музычны шум, якога не атрымаеш ні адным сучасным інструментам.
Каб дасягнуць усёй паўнаты гучання, мне давялося зрабіць вельмі шмат інструментаў. З маёй майстэрні выйшла ўжо каля 150 гусляў, і на іх граюць музыкі па ўсім свеце: у Расіі і Украіне, у Польшчы, Даніі, Злучаных Штатах. Сярод беларускіх калектываў мае інструменты гучаць, напрыклад, і ў «Старым Ольсе», і ў «Ягоравай Гары» з Гомеля, і ў «Харошках».
— У каго вы самі вучыліся майстэрству вырабу гусляў?
— У першую чаргу ў Змітра Сасноўскага, кіраўніка гурта «Стары Ольса». Першыя гуслі, якія я пабачыў, былі яго вырабу: ён зрабіў той інструмент як дыпломную працу, калі вучыўся ў латышскага майстра Донатса Вуцінса. Увесь балцкі рэгіён грае на гуслях свайго тыпу: у латышоў — кокле, у фінаў і карэлаў — рознага кшталту кантэле, у літоўцаў і ў рускіх — свае гуслярскія традыцыі са сваімі тэхнікамі грання. Усе гэтыя розныя інструменты — прадстаўнікі балтыйскіх псалтэрыюмаў. А на ўсходзе Латвіі, у Латгаліі, ёсць традыцыя крылападобных гусляў — такіх жа, якія былі распаўсюджаныя на беларускай Поўначы. Менавіта гэту традыцыю Зміцер пераймаў у Вуцінса. І паколькі ён, напэўна, адзіны вучань латышскага майстра, то мы, вучні Змітра, ці не адзіныя прадаўжальнікі традыцыі сур’ёзнай асобнай плыні інструментаў.
— На гуслях граюць толькі традыцыйную музыку?
— Абсалютна па-рознаму. Гуслі можна настроіць так, каб яны дазвалялі пайграць шмат акордаў — прынамсі, гэта дазваляе наш беларускі строй, апісаны даследчыкам Мікалаем Прывалавым на пачатку XX стагоддзя. Тады на іх можна граць і нешта сучаснае. Напрыклад, аматарам піва будзе цікава схадзіць 30 мая на вялікі канцэрт у клубе «Брюгге» — там і будзе прэзентаваны альбом «Праўда ў віне». Пачну я пад гуселькі, потым выступіць гурт «Апошні шылінг» — цудоўныя музыкі, якія мне дапамагалі запісваць гэты альбом. А ў другім аддзяленні зайграе гурт Pawa, які сумяшчае гучанне традыцыйных беларускіх інструментаў і нашы старадаўнія матывы з сучасным электронным «дэнсам».
— А ці не з’явіўся ў свеце яшчэ гуслярны Фендэр — эксперыментатар, які зрабіў бы электрагуслі?
— Такія спробы ёсць. Напрыклад, фіны ставяць на свае інструменты індукцыйныя гуказдымальнікі. Сам я ставіў на гуслі п’езадатчыкі, а таксама мантаваў мікрафоны — спрабаваў нават унутры корпуса. І ўсё ж гуслі — у першую чаргу акустычны інструмент. Сучасная гуказдымальная апаратура не дазваляе зняць усё багацце фарбаў, якія мае гэты інструмент, усе абертаны, якія гуляюць вакол гусляра на адлегласці.
— Колькі трэба часу, каб зрабіць адзін інструмент ад пачатку да канца?
— Калі спакойна працаваць паміж гастролямі ды іншымі заняткамі, то каля месяца. А калі вылучыць час і заехаць у майстэрню на некалькі дзён, можна скончыць і значна хутчэй. Зараз з майстэрні выходзіць каля дзясятка вялікіх інструментаў на год, а паралельна я раблю і іншыя тыпы гусляў — напрыклад, рэплікі археалагічных знаходак з розных традыцый. Але я лічу, што беларускія гуслі — найлепшыя гуслі ў свеце. Хай на мяне не крыўдуюць гусляры-адэпты сваіх рэгіянальных традыцый, для мяне нашы беларускія гуслі — лепшыя ў балцкім рэгіёне.
— Што за інструмент вы прынеслі з сабой?
— Гэта адзінаццаціструнныя традыцыйныя беларускія крылападобныя гуслі. Дзяўбаныя, зробленыя з вольхі, а дэка зробленая з елкі. Гэты інструмент я зрабіў яшчэ ў 2013 годзе. Доўгі час у мяне не было сваіх гусляў: усё, што я рабіў для сябе, у мяне па выніку перакуплялі. Але ў 2013 я нарэшце цвёрда вырашыў, што адзін інструмент хачу пакінуць для сваёй канцэртнай дзейнасці.
Я вельмі шмат граю на гэтых гуслях. Іх дэка пакрытая марылкай, каб дадаць колеру, але таніроўка ўжо дзе-нідзе сцерлася да белага дрэва, на ёй хапае падцёкаў ды кропелек. Ёсць гісторыя: аднойчы на фестывалі славян і вікінгаў у польскім горадзе Волін мясцовы ваяр на начных пасядзелках папрасіў мяне пайграць на гэтых гуслях. Я, канешне, дазволіў, не ведаючы, што яму ў дзённай бойцы, у бугурце, адсеклі палец! Вось ён мне і запырскаў гэты інструмент крывёю. Так што мае гуслі — нібы меч! Але самае класнае ў іх — не знешні выгляд, а гучанне.
Алесь кладзе пальцы на струны, пачынае граць і напяваць песню «Піва! Піва! Піва!» Але не паспявае скончыцца і першы куплет, як да нас падыходзіць афіцыянт і ў рэзкіх выразах тлумачыць, што спяваць у піўным рэстаране катэгарычна забаронена. Алесь смяецца і ўспамінае гісторыю з мінулага.
Памятаю, калі ў нас толькі адкрыўся першы «ірландскі паб» — «Дрожжи» — да нас у госці прыязджалі цудоўныя музыкі, якія граюць ірландскую музыку на традыцыйных інструментах. Яны сказалі: «Слухайце, у вас жа ў Мінску ўжо ёсць традыцыя выканання ірландскай пабавай музыкі. Хадземце ў айрыш паб — пайграем!». Прыйшлі гадзін у 12 дня — не сказаць, каб у такі час там асабліва было каму перашкаджаць. Дасталі свае інструменты — флейтачку, банджа, — пачалі наігрываць, і адразу ж прыбегла афіцыянтка: «Вы што робіце? Вы разумееце, дзе знаходзіцеся? Гэта ж айрыш паб! А вы тут завялі нейкую музыку!»
У Ірландыі, калі б мы зайгралі на музычным інструменце ў пабе, наступіла б поўная цішыня — людзі баяліся б нават грымнуць куфлямі. Хай сабе шум, гам, не праціснуцца — але калі адзін ірландзец толькі адкрывае рот, каб пачаць якую-небудзь песню, усе навокал заціхаюць, каб пачуць, што ў чалавека з душы вырвалася. Павага да жывога выканання ў ірландцаў у крыві. У беларусаў такой павагі, на жаль, няма.